VOKA ўпершыню пакажа ў прамым эфіры оперу «Севільскі цырульнік» Вялікага тэатра Беларусі

0

VOKA ўпершыню пакажа ў прамым эфіры оперу «Севільскі цырульнік» Вялікага тэатра Беларусі

13 снежня відэасэрвіс VOKA правядзе прамую трансляцыю оперы «Севільскі цырульнік» з Вялікага тэатра Беларусі. Усе жадаючыя змогуць бясплатна паглядзець яе ў анлайн-фармаце з любой кропкі свету. Пачатак – а 19-й гадзіне паводле мінскага часу.

Паказ вядомай оперы Джаакіна Расіні ў пастаноўцы італьянскага рэжысёра Альда Тарабелы адбудзецца ў рамках Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму. На беларускую сцэну гісторыя легендарнага цырульніка Фігаро вярнулася ў канцы мінулага сезона. У ёй, як і было прыдумана аўтарам больш за дзвесце гадоў таму, маладыя людзі кахаюць адзін аднаго і насуперак волі апекуноў хочуць ажаніцца, а мудрагелісты цырульнік ва ўсім ім дапамагае.

Увечары 13 снежня гледачы ўпершыню пачуюць запрошанага саліста Вялікага тэатра Расіі Гадэрдзі Джанелідзэ ў партыі Дона Базіліа, а таксама ўбачаць саліста Камернай сцэны ім. Б. А. Пакроўскага маскоўскага Вялікага Валерыя Макарава, ужо знаёмага беларускай публіцы па ролі Графа Альмавівы.

Таксама галоўныя партыі ў оперы выканаюць Аляксей Макшанцаў (Фігаро), Дзмітрый Капілаў (Бартола), Анастасія Міхнавец (Разіна), Марына Ліхашэрст (Берта), Руслан Маспанаў (Фіярэла) і Святаслаў Сахараў (Афіцэр).

Падчас паказу маэстра Уладзімір Авадок не толькі дырыжыруе, але і грае на клавесіне – як і ў пачатку XIX стагоддзя, калі стваралася опера «Севільскі цырульнік» і гэта было традыцыяй для кіраўніка аркестра.

Шматкамерная мастацкая здымка ў высокай якасці дазволіць кожнаму гледачу максімальна паглыбіцца ў атмасферу тэатральнай залы і ўбачыць усё, што адбываецца на сцэне, з розных ракурсаў.

Далучыцца да прагляду 13 снежня можна ў 19:00 з любой прылады ў прыкладанні VOKA або на сайце voka.tv – бясплатна і без аўтарызацыі.

Leave A Reply

Your email address will not be published.